Назад Гранит науки

Рубрика "Гранит науки"

Шавструк Мария, 11 "А" класс
 

Сімволіка ініцыяцыі ў аповесці В. Ластоўскага “Лабірынты” і “Пасвячэнні” Э. Хэйч

Ініцыяцыю немагчыма ўявіць без глыбокага сімвалізму. Сімвал – гэта заўсёды ключ да нейкага адкрыцця, да нейкай ісціны. Менавіта таму веданню сэнсу самых розных сімвалаў – геаметрычных фігур, лічбаў, колераў, раслін, жывёл, нябесных целаў і іншых – надавалася вялікае значэнне пры ініцыяцыіі.
У літаратуры тэматыка тайных ордэнаў, эзатэрычных ведаў і пасвячэння ў іх знайшла сваё адлюстраванне ў плыні акультнага рамантызму. У адрозненне ад рамантызму класічнага, дзе герой-бунтар звычайна гіне, у акультным рамантызме ён заўседы знаходзіць выйсце з тупіка бессэнсоўнага існавання да шляху патаемных ведаў.
Сярод заходніх прадстаўнікоў гэтага жанру можна згадаць Рычарда Баха (“Чайка па імені Джонатан Лівінгстон”), Элізабет Хэйч (“Пасвячэнне”), Сомэрсэта Моэма (раман “Маг”). У Расіі гэты жанр прадстаўлены такімі пісьменнікамі як Валерый Брусаў (раман “Вогненны Анёл”), Юрый Пернацьеў (“Шукальнік абсалюту”).
У беларускай літаратуры яго элементы можна адшукаць у спадчыне У. Караткевіча (“Хрыстос прызямліўся ў Гародні”) і паэзіі У. Жылкі. Але найбольш ярка ён праявіўся, на нашу думку, у аповесці Вацлава Ластоўскага “Лабірынты”.
У сваёй шматграннай літаратурнай і навуковай дзейнасці Ластоўскі абапіраўся на грунт беларускага фальклору, этнаграфіі і міфалогіі. Захопленасць нацыянальным фальклорам і міфалогіяй, сінтэз навуковай і літаратурнай думкі прывялі да стварэння так званай крыўскай тэорыі і ідэй “новаязычніцтва”.
Міфалагізаваная беларуская гісторыя падацца ім праз вобраз-сімвал Лабірынту, які адлюстроўвае эзатэрычныя глыбіні нацыянальнай культуры, яе патаемнае існаванне. Веданне сусветнай міфалогіі дапамагала Ластоўскаму “дабудоўваць” і часткова містыфікаваць нацыянальную міфалогію. [3,14-15]
Мэтай нашай навуковай працы з’яўляецца аналіз сімволікі ініцыяцыі ў аповесці Вацлава Ластоўскага “Лабірынты” і параўнанне яго з універсальнай егіпецкай сімволікай у “Пасвячэнні” Элізабет Хэйч. Выбар гэтай тэмы быў абумоўлены цікавасцю да самога працэса ініцыяцыі і тым, што на дадзены момант вельмі мала існуе літаратуры пра тайныя ордэны на тэрыторыі Беларусі, іх ролю ў гісторыі нашай краіны, філасофскую і культурную спадчыну.
2. Астральная сімволіка
У першай частцы аповесці Ластоўскі асаблівую ўвагу надае існаванню ў беларускай мове ўласных назваў нябесных целаў. На яго думку, гэта сведчыць аб тым, што “нашы продкі перажылі стадыю высокай культуры” [8, 50].
Сапраўды, астралогія – навука вельмі старажытная. Нашы продкі не сумняваліся, што нябесныя целы аказваюць значны ўплыў на кожнага чалавека паасобку і на лёс усяго чалавецтва ўвогуле. Вельмі цікава тое, што Ластоўскі згадвае менавіта тыя сузор’і і нябесныя аб’екты, з каторымі звязаны міфы і паданні, якія існуюць у той ці іншай форме ў кульуры ўсіх народаў свету і да сённяшняга дня шануюцца і вывучаюцца ў эзатэрычнай традыцыі.
Спынімся больш падрабязна на некаторых з іх.
2.1. Венера
Будучы трэцім па яркасці аб’ектам на небасхіле, Венера нездарма з’яўляецца персанажам шматлікіх міфаў і паданняў. Асаблівасці яе маршрута пабуджалі назіральнікаў складаць гісторыі пра сыходжанне нябеснога бажаства ў падземнае царства, дзе яно знікала, зліваючыся з Сонцам. [7, 371] Гэта ўніверсальнае паданне адлюстравана нават у астранамічным знаку гэтай планеты – круг і крыж пад ім (круг сімвалізуе царства нябеснае, а крыж – матэрыяльнае зараджэнне).
v Венеру атаясамліваюць з біблейскім Люцыферам, імя якога першапачаткова азначала “Той, хто нясе святло” ( ад лац. Luci – “свет”, ferro – “нясу”). Святло ведаў, якія трэба перадаць чалавецтву, але яко гіне ў цемры з-за граху пагарды.
Падобная легенда існавала ў Месапатаміі, дзе багіня Іштар (“Дачка свету”) з-за прагі ўлады спускаецца ў падземнае царства, дзе і памірае. Індзейцы Мезаамерыкі звязваюць Венеру з богам Кетцалькаатлем, Пернатым Змеем, які таксама саграшыў, парушыўшы святы абрад па слабасці свайго характару, і вымушаны з-за гэтага кожны раз паміраць і нараджацца нанова.
2.2. Плеяды
Памешчык, які распавядаў герою пра старажытнаславянскую астралогію згадвае сярод іншых вядомых сузор’яў таксама Вялікую Мядзведзіцу, Плеяды і Арыёнаў Пояс. Трэба адзначыць, што ў Егіпце Плеяды, альбо Сем Сясцер, атаясамліваліся з Ра – калектыўным вобразам Сонца (якое, дарэчы, лічылася восьмай зоркай гэтага сузор’я) і звязваліся са зменай пораў года, бо на небасхіле яны знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці ад экліптыкі – лініі руху Сонца. Таму для людзей у розных частках свету Плеяды – вестуны вялікіх змен. [7, 469] У сучаснай эзатэрычнай традыцыі высокаразвітыя істоты з сузор’я Плеядаў да сёй пары лічацца духоўнымі настаўнікамі і апекунамі чалавецтва.
Так, па павер’ях беларусаў, Плеяды – “гэта тыя свечкі, якія гараць на небе там, куды збірюцца праведныя душы людзей. Тут анёлы адсейваюць праведныя душы ад грэшных.” [6, 56]
2.3. Пояс Арыёна
Арыён – самае прыгожае і яркае сузор’е Паўночнага паўшар’я – таксама меў вялікае значэнне ў містэрыях Егіпта. Калі добра прыгледзецца да трох Вялікіх Пірамід, то можна заўважыць, што яны размяшчаюцца ўздоўж Ніла акурат так, як тры зоркі Пояса Арыёна адносна Млечнага Шляху. К. Найт і Р. Ломас, даследчыкі гісторыі масонства, у сваёй працы згадваюць, што, паводле егіпецкай цырымоніі інтранізацыі (узыходжанн на трон новага фараона пасля смерці старога) у пэўны час ночы, калі адбывалася цырымонія, фараон-нябожчык і новы фараон разам накіроўваюцца ў сузор’е Арыёна. Адзін для таго, каб застацца на сваёй новай зорнай радзіме назаўжды, а другі – каб вярнуцца і кіраваць зямлёй людзей. [10, 152]
Пояс Арыёна сваім накірункам таксама заўжды паказвае на самую яркую зорку – Сірыус. На Сірыус таксама скіраваны і позірк Сфінкса ў пэўны час года, калі пачынаецца разліў Ніла – адраджэнне жыцця.
Такім чынам, фактам існавання ў беларусаў уласных назваў астранамічных аб’ектаў памешчык даводзіць да галоўнага героя, што “…быў калісь час, калі ў нас працавала астралогія, глыбокае знанне якой з’яўлялася прывілеем класа вучоных, але была адначасна, мабыць, ведай, даступнай да ўсіх станаў.” [8, 51]
4. Сімволіка геаметрычных формаў
4.1. Лабірынт
Гісторыя лабірынтаў вельмі старажытная. Яны былі пабудаваны ў розных месцах зямлі і ўяўляюць сабой універсальны ўзор чалавечай свядомасці, незалежнага ад культуры, у межах якой яны ўзніклі. Лабірынты былі знойдзены ў Скандынавіі, Амерыцы, Іраку, Брытаніі, Італіі, Індыі, Францыі, Егіпце, на востраве Крыт.
Само слова "Лабірынт" паходзіць ад грэчаскага "лабрыс" – "падвоеная сякера". Традыцыйны Лабірынт уяўляе сабой дыск і семантычна звязваецца з падземным светам і небам. Лабірынты былі сімвалам ілюзорнасці нашага свету, у якім душа чалавека блукае ў пошуках ісціны. Гэта былі месцы пасвячэння ў традыцыі многіх старажытных містэрый. Існуе мноства самых разнастайных лабірынтаў: пераплеценыя сцежкі, абкладзеныя камянямі, бясконцыя падземныя пячоры пад храмамі, горныя лабірынты і гэтак далей.
У трактаце "Егіпецкія Містэрыі", які прыпісваюць Ямвліху, наступным чынам апісваецца ініцыяцыя вучня ў заблытаным лабірынце Сфінкса. Неафіту завязалі вочы і таемным падземным ходам вялі ад Сфінкса да піраміды. У розных месцах лабірынта сустракаліся зачыненыя дзверы, якія адчыняліся толькі тады, калі старэйшы казаў пэўныя словы ці рабіў спецыяльныя знакі. У містэрыях зараастрызма кандыдата праводзілі па лабірынце, які складаўся з сямі шырокіх скляпенняў, злучаных галерэямі, дзе яго падпільноўвалі сем небяспечных выпрабаванняў ініцыяцыі.
У сакральнай геаметрыі праходжанне лабірынта – гэта падарожжа ад смерці да нараджэння. Сам лабірынт звычайна ахоўваецца ўладаром, які жыве ў цэнтры. Дасягнуць цэнтра здольныя толькі абраныя. Але галоўнае – не толькі дабрацца да сярэдзіны, але і знайсці, вярнуцца да свайго адраджэння. [11, 296-297]
У Ластоўскага лабірынт – гэта не проста месца дзеяння. У пэўным сэнсе гэта ключ да разгадкі зместу твора, лакаічная формула, якая звязвае наяўнае і прыхаванае, тэкстуальнае і пазатэкстуальнае. Акрамя ўсяго, у аповесці лабірынт сімвалізуе непарыўную, яўную сувязь жывых сёння і іх продкаў. [1,4]
4.2. Тэтраэдр
Пасля містычнага знікнення цела Падземнага чалавека галоўны герой у адчаі пачынае шукаць выйсця са становішча, у якім апынуўся, і толькі тады заўважае яшчэ адну цікавую асаблівасць месца, дзе ён прыносіў клятву. "Затое я толькі цяпер заўважыў, што памяшчэнне, у якім я знаходжуся, мае трохкутную форму, трылук якой, звужаючыся, зыходзіўся ўверсе высокім скляпеннем." [8, 58]
Трохкутнік сам пра сабе - найстаражытнейшы і шматзначны сімвал. Гэта і егіпецкая эмблема бога, і піфагараўскі сімвал мудрасці, сімвал Свету Жыцця (Эйн Соф) у халдзеяў, і вечнасці ў індуістаў. Трохкутнік справедку быў таксама сімвалам Сонца.
У сакральнай геаметрыі трохкутнік – першая касмічная форма, якая з'явілася з хаоса ў выніку акта тварэння. [11, 594]
Але тэтраэдр – фігура яшчэ больш складаная і загадкавая, бо складаецца з чатырох правільных трохкутнікаў. Такую трохгранную піраміду называюць таксама масонскай егіпецкай пірамідай. Яна сімвалізуе паўнату спазнання гэтага свету. Трохкутная форма піраміды падобная на позу, якую прымае чалавечае цела пад час медытатыўных практыкаванняў. [9, 134]
Акрамя таго, гэта форма нагадвае структурную форму таемнай іерархіі, якая мае шырокую аснову (шмат людзей цёмных, недасведчаных) і вельмі вузкую вяршыню (абмежаваную колькасць пасвячоных).
4.3. Круг
Заля, у якой Іван Іванавіч распавядае герою таямніцы крывіцкай гісторыі, веры і навукі, мае форму круга. Круг – фігура ўнікальная і адна з самых загадкавых. Так, гэта адзіная геаметрычная фігура, якую нельга падзяліць на сабе падобныя. Можа, таму круг спрадвеку і з'яўляецца ўвасабленнем Бога, што не мае пэўнага пачатку і канца. Гэта ўніверсальная найважнейшая геаметрычная форма ва ўсіх містычных вучэннях.
Сімволіка круга вельмі шматзначная. Гэта і сімвал бачнага Сусвету, і абароны, і гармоніі. Паводле К. Юнга, круг, упісаны ў квадрат, – гэта сімвал сувязі паміж душой і целам. У буддыйскай традыцыі такая мандала сімвалізуе пераход са свету матэрыяльнага ў свет духоўны. [13]
4.4. Піраміда
Як і ў рамане Ластоўскага, у “Пасвячэнні” значная ўвага надаецца раскрыццю значэння некаторых сакральных геаметрычных формаў. Піраміда – класічны егіпецкі сімвал. “Нашы піраміды, – кажа Птахатэп, – асабліва вялікая, пабудаваны згодна розным матэматычным і астранамічным законам, каб служыць людзям у якасці гадзінніка і календара. Больш за тое, бакавыя стораны, якія знаходзяцца пад вуглом 52 градусаў да сваёй асновы, дазваляюць пірамідзе адбіваць сонечныя промні далёка ў мора і ў пустыню, дзякуючы гэтаму піраміды з’яўляюцца таксама і маякамі.” [16,140]
Само слова “піраміда” цесна звязана з паняццем агню, што сімвалічна азначае Адзінае Боскае Полымя, жыццё ўсіх істот. Пасвячоныя мінулага лічылі форму піраміды ідэальным сімвалам сакрэтнай дактрыны і ўстаноў, прызначаных для яе распаўсюджвання.
Квадрат у аснове піраміды ёсць пастаянны напамін пра тое, што Дом Мудрасці быў цвёрда заснаваны на непарушных законах прыроды. [9,133] Квадрат увасабляе сабой свет фізічны. Трохкутнікі бакавых старон – свет духоўны. У цэлым гэтая фігура – сімвалічная форма богачалавека, які выйшаў з матэрыяльнага і прысвяціў сваё жыццё духоўнаму.