Рубрика «Гранит науки»
Карпович Мария, 11 "Б" класс
Юрыдычная лексіка ў Статуце 1588 г.
Зараз шмат кажуць пра неабходнасць вяртання да вытокаў роднай мовы, адчуваецца, што беларусы абруселі. Можна шукаць і называць шмат прычын, чаму так здарылася. Перш за ўсё, на маю думку, гэта вынікі той паланізацыі і русіфікацыі нашага народа, якія адбываліся ў часы Рэчы Паспалітай і Расійскай імпэрыі, калі метадычна навязвалася думка, што беларуская мова- мова мужыцкая, сялянская, другасортная. З гэтай думкай жывуць і многія мае аднагодкі.
Менавіта таму я звярнулася да аднаго з самых старажытных пісьмовых помнікаў- Статута ВКЛ 1588 г. каб прадэманстраваць, што беларуская мова- гэта мова першага самага буйнога юрыдычнага дакумента ўсіх сялян.
Статут быў адным з першых кодэксаў Еўропы, які абагульніў і замацаваў старыя, а таксама распрацаваў новыя нормы права, што былі накіраваны на ахову прыроды, падтрыманне і павелічэнне яе рэсурсаў, рацыянальнае іх выкарыстанне.
Статут зрабіў значны ўплыў на развіццё права Расіі, Польшчы, Украіны, Латвіі, Эстоніі.
Мэта маёй работы – прааналізаваць юрыдычныя лексемы ў Літоўскім Статуце 1588г., таму што ў ім знайшлі адлюстраванне ўсе асаблівасці, якія характарызавалі мову беларускай дзелавой пісьменнасці канца XVI стагоддзя.
Асноўнымі задачамі работы з’яўляюцца наступныя:
- Выявіць і зрабіць класіфікацыю юрыдычных тэрмінаў па Літоўскаму Статуту 1588г.
- Раскрыць лексічнае значэнне выяўленых тэрмінаў і высветліць іх паходжанне.
- Прасачыць лёс агульнаўсходнеславянскіх прававых лексем на беларускай моўнай глебе, устанавіць крыніцы і шляхі запазычанняў юрыдычных тэрмінаў.
Шмат вучоных, прававедаў, гісторыкаў, мовазнаўцаў, даследчыкаў працавала над Статутам Вялікага княства Літоўскага 1588г., шмат навуковых прац, прысвечаных Літоўскаму статуту 1588г, існуе зараз.
З беларускіх вучоных-мовазнаўцаў над прававой тэрміналогіяй у Літоўскім Статуце 1588 г. працаваў У.М.Лазоўскі.
Пад юрыдычным тэрмінам у шырокім сэнсе гэтага паняцця ў рабоце разумеюцца назвы асоб, учынкаў, прадметаў, з’яў і г.д., якія маюць непасрэдную сувязь з юрыспрудэнцыяй.
Старабеларуская юрыдычная тэрміналогія неаднародная па сваім характары: некаторыя лексемы гэтага разраду валодалі шырокім семантычным аб’ёмам, іншыя ж абазначалі какнкрэтныя судовыя паняцці і працэсы.
Пры аналізе семантычнага значэння юрыдычных лексем былі выкарыстаны гістарычныя, тлумачальныя, этымалагічныя, энцыклапедычныя слоўнікі.
Вышэйшую ступень развіцця мовы старажытнай беларускай канцылярска-юрыдычнай пісьменнасці прадстаўляе Статут. У Статуце знайшлі адлюстраванне ўсе асаблівасці, што характарызуюць мову беларускай дзелавой пісьменнасці канца 16 ст. У параўнанні з папярэднімі кодэксамі Статут выяўляе крок наперад у кірунку збліжэння з жывой беларускай мовай, з аднаго боку, і далейшага папаўнення і ўдасканальвання сваіх спецыфічных сродкаў,- з другога.
У працэсе працы над юрыдычнай лексікай Статута выяўлена 7 груп лексем:
- Лексемы, якія абазначалі дзяржаўныя органы, што займаліся разглядам грамадзянскіх і крымінальных спраў.
- Лексемы, якія называлі судовы персанал.
- Лексемы, якія абазначалі бакі на судовым працэсе.
- Прававыя тэрміны, якія характарызавалі судовы працэс.
- Лексемы, якія характарызавалі даследчую дзейнасць дзяржаўных органаў па крымінальных і грамадзянскіх справах у Вялікім княстве Літоўскім.
- Тэрміны, якія звязаны з абазначэннямі паняццяў злачынства.
- Тэрміны, якія называлі злачынцаў.
Багаццем і разнастайнасцю лексічнага матэрыялу са Статутам не можа параўнацца ніводзін іншы помнік старабеларускай пісьменнасці.
Тэкст Статута насычаны шматлікімі ўстойлівымі словазлучэннямі і фразеалагічнымі зваротамі тэрміналагічнага значэння, што збліжае мову Статута з жывой нарматыўнай гутаркай, але і дазваляе выпрацоўваць уласныя сродкі, больш багатыя і разнастайныя ў параўнанні з народнай мовай.
Дзяржаўнае значэнне мовы садзейнічала замацаванню новых з’яў і паняццяў адцягненай і тэарытычнай думкі, права і адміністрацыі, што дасягалася шляхам пашырэння семантыкі ўласных слоў, стварэння неалагізмаў.
Асноўная частка даследаваных юрыдычных тэрмінаў захавала сваё прававое значэнне і ўжываецца ў складзе сучаснай беларускай юрыдычнай тэрміналогіі (апеляцыя, вина, грабеж, декрет, забойство, здрада, здрадца, истец, крадеж, невинность, осуженье, порука). Аднак, ёсць лексемы, ужыванне якіх у лексіцы сучаснай беларускай мовы стылёва абмежавана або яны ўвогуле зніклі, заменены іншымі тэрмінамі (жалоба, жалобник, вырок, розсудок, выступ, попаленье,ображенье, мужобойца).
Статут меў важнае значэнне для далейшага лёсу канцылярска-юрыдычнай пісьменнасці на беларускай мове ў плане ўнутрымоўным і сацыялінгвістычным. Шырока вядомы ў дзяржаўных установах розных інстанцый, ён служыў узорам і крыніцай граматычных і лексічных сродкаў і спецыяльнай юрыдычнай тэрміналогіі для пісцоў наступных дзесяцігоддзяў.
Пад уздзеяннем Статута беларуская актавая пісьменнасць пазнейшага часу выступае стабільнай, стандартызаванай, высокаўнармаванай функцыянальна-пісьмовай разнавіднасцю, дзе практычна адсутнічаюць мясцовыя дыялектныя рысы ў галіне фанетыкі, граматыкі і лексікі.
Друкаванае выданне важнейшага дзяржаўнага кодэкса на беларускай мове з’явілася фактарам выключнай важнасці для павышэння нацыянальнай свядомасці беларускага народа, усведамлення ім сваёй нацыянальна-этнічнай годнасці і самастойнасці.
Тэму лічу своечасовай і актуальнай, бо зварот да славутага мінулага нашага народа, да такіх гістарычных помнікаў дазваляе нам, нашчадкам, адчуць гордасць за свой край і сваю прыналежнась да вялікай нацыі з яе багатай гісторыяй.
Мяне ўзрадаваў той факт, што Прэзідэнт краіны нарэшце звярнуў увагу на становішча беларускай мовы ў краіне, на тое, што англійскай мове нават у школе надаецца больш увагі, чым роднай ,беларускай, на тое, што для вывучэння нацыянальнай літаратуры і мовы ў старэйшай школе адводзяцца 1-2 урокі. Безумоўна, гэтага недастаткова. А вельмі хочацца ўсведамляць сябе беларусам, ведаць свае вытокі і карані, ганарыцца імі і размаўляць па-беларуску, горда ўздымаючы галаву”.
Продолжение