Рубрыка «Роднае слова»
Ксенія Яфімава, 9 «Б» клас
Мой летні адпачынак
Лета – найцудоўнейшая пара года, поўная яркіх эмоцый і весялосці. Для мяне кожнае лета – гэта цэлае жыццё. Гэта сон да абеду, прагулкі амаль да самай ночы, шмат планаў і, канешне, падарожжы. Гэтае лета было асабліва насычаным і цікавым. Я адкрыла для сябе тры новыя краіны: Балгарыю, Грузію і Турцыю, правяла шмат часу з сябрамі і роднымі, прачытала самую цікавую літаратуру, выдатна адсвяткавала свой дзень нараджэння.
У чэрвені спраўдзілася мая запаветная мара – я адпачыла з лепшай сяброўкай у міжнародным балгарскім лагеры. Два тыдні мы грэліся на чарнаморскім узбярэжжы, забаўляліся цэлымі днямі з аніматарамі, хадзілі на дыскатэкі, ездзілі на экскурсіі, пазнаеміліся і пасябравалі з дзяўчатамі і хлопцамі з розных краін.
Ліпень быў не меней насычаным і цікавым. Сваёю гасціннасцю нас сустракала Грузія. Тбілісі, Мцхета, Горы, Баржомі, Кутаісі, Батумі – гарады, якія мне давялося ўбачыць і палюбіць. Незабываемая прыгажосць грузінскай прыроды назаўжды застанецца ў маёй памяці. Мартвільскі каньён , каньён Акацэ, пячора Праметэя, пячорны горад Уплісцыхе, горы і вадаспады – гэта месцы, якія нельга забыць. Колькі ўражанняў я атрымала плывучы на лодцы па горнай рэчцы, ідучы па падвесным мосце над безданню, робячы сваімі рукамі грузінскую чурчхелу, плаваючы ў адным, але такім розным, моры!
Даведаўшыся, што з Батумі вельмі блізка і лёгка даехаць да Турцыі, мы не змаглі не наведаць і гэтую краіну. І хоць былі там зусім не доўга, паспелі заўважыць, наколькі адрозніваецца іх лад жыцця ад нашага. Нельга апісаць словамі ўсе тое, што я адчувала ў час свайго падарожжа.
Жнівень даў магчымасць наведаць бабуль і дзядуль, павіншаваць мнагалікіх імяніннікаў, падрыхтавацца да новага навучальнага году. Хацелася б, каб канікулы не канчаліся, але час пралятае хутка, патрэбна рухацца далей, а пра мінулае ў нас застаюцца ўспаміны і фотаздымкі. Я вельмі ўдзячна ўсім, хто быў са мною побач ў гэтае цудоўнае лета!