Рубрика «Роднае слова»
Сафія Барысюк
У маёй сям’і вельмі ўважліва ставяцца да гісторыі роду. З цікавасцю мы даследуем і захоўваем наша генеалагічнае дрэва, збіраем і запісваем успаміны продкаў, ашчадна ставімся да кожнай дробязі, якая можа дапамагчы разгарнуць галінкі стагоддзяў і дазволіць зазірнуць у той час, калі жылі нашы продкі. У сямейным архіве ёсць шмат цікавых гісторый, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне.
“Карпусева парода”
Гэтая гісторыя пра майго прапрадзядулю Нікіфара і яго сына Карпа. Адбылася гэтая гісторыя ў пачатку 20 стагоддзя. У той час самай вялікай каштоўнасцю для жыхароў вёскі была зямля. У 1863 годзе былыя прыгонныя сяляне, якія, як рабы, маглі быць прададзены, атрымалі магчымасць выкупіць у сваю ўласнасць надзел зямлі. У вёсцы Ляхчыцы, якая знаходзіцца цяпер у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці, для ўсіх сялян зрабілі роўныя надзелы, грошы за іх памешчыку ўнёс банк, якому яны павінны былі плаціць адсоткі шмат гадоў. За трыццаць гадоў у шматдзетных сем'яў надзелы драбіліся, а ў больш прадпрыймальных павялічваліся. Дзеду Нікіфару ўдалося захаваць цэлы надзел, акрамя таго, у яго быў адзіны сын Карп і дзве дачкі, якія не маглі б прэтэндаваць на частку надзела зямлі. Нікіфар меў вялікія планы на Карпа, аднак Карп быў лянівым, не любіў працаваць на зямлі, яму падабалася паляжаць, адпачыць. Каб правучыць Карпа, Нікіфар стаў пагражаць, што аддасць зямлю мужу сваёй дачкі, які вельмі працавіты. Слова за слова, здарылася сварка, і прапрадзед Нікіфар выгнаў свайго сына Карпа з жонкай Вольгай з дому і паклікаў сваю дачку з мужам.
Карпу ўдалося ўладкавацца ў маёнтак да пана. Так як прадзед Карп быў станісты і прыгожым мужчынам, то пан Корсак ўзяў яго фурманам, прабабуля Вольга працавала з жанчынамі ў полі. Аднойчы пан выганяў аднаго з работнікаў за нядбайнасць. Гэты работнік абурыўся, што і Карп такі ж нядбайны работнік, чаму яго не выганяюць. На што пан адказаў, што Карп не адрозніваецца асаблівай працаздольнасцю, але яго жонка Вольга робіць працу за яго і за сябе. “ А ў цябе і жонка нядбайная”, - заключыў пан.
Аднойчы прабабуля Вольга не выйшла з раніцы ў жніво. Прыйшоў пан, зазірнуў у акно і ўбачыў, што яна нарадзіла. І сказаў пан: "Добра, Вольга, сёння не выходзь на працу, прывядзі сябе ў парадак, падрыхтуй абед, напячы хлеба, а заўтра з раніцы з усімі на працу!" Вось такі дэкрэтны адпачынак быў у той час!
А ў гэты час працаваў Нікіфар з зяцем душа ў душу, але зяць пачаў усім казаць, што ўсё роўна ён на той зямлі ніхто, вось калі б цесць перапісаў на яго зямлю, то працаваў бы ён з яшчэ большай стараннасцю. Параіўся Нікіфар з жонкай Акулінай і перапісаў надзел на зяця, спадзеючыся на спакойную, сытую старасць. Але не тут-то было. Як толькі зяць стаў гаспадаром на зямлі, пачаў ён цесця біць, ды і цешчы стала даставацца.
Трывалі, трывалі Нікіфар і Акуліна ды і вырашылі, што не такі ўжо іх сын Карп і гультай. Вырашылі ўпотай забраць дакументы ў зяця, ды і занесці іх Карпу. Аднак прагаварылася Акуліна сваёй дачцы пра гэта, ды і зноў пакалаціў зяць Нікіфара.
Пасля гэтага звярнуўся Нічыпар у суд, каб ён адмяніў перадачу надзела. Доўга цягнулася разбіральніцтва, суд ўлічыў, што зяць біў Нікіфара і вырашыў вярнуць надзеў майму прапрадзядулю. Пасля гэтага і дзед Карп вярнуўся ад пана. Хутар наш называўся Возерава, бо там было нізка і стаяла вада. Дарэчы ў 1980 - х там выкапалі штучнае возера, у якім цяпер няма вады, яно зарасло лесам і ўсе там збіраюць грыбы.
Дык вось на гэтым хутары ў майго прадзеда Карпа і прабабулі Вольгі вырасла дачка Варвара і пяцёра сыноў, сярод якіх мой дзядуля Антон. Стары дом з хутара перацягнулі на санях у вёску, цяпер у ім летняя кухня. А дзед Карп ніколі не падымаў рукі на свайго бацькі, але працаваць усё роўна не любіў і ўспамінаў, як ён быў самым лепшым фурманам у пана. І калі цяпер у сям'і хтосьці адвільвае ад працы, то тут жа кажуць: "О, дык гэта ж Карпусева парода!!!»
Гэта гісторыя пра майго прадзядулю Антона. Калісьці ён расказаў яе маёй матулі, а яна ужо перадала мне.Было гэта ў час вайны. Мой прадзядуля не ваяваў на фронце, не абараняў Маскву і не ішоў да Берліна. У той час яму было ўсяго 11 гадоў. У 1941 фашысты наступалі і захапілі веску Дывін, дзе жыў прадзядуля са сваей сям’ей. Мясцовыя жыхары ўцякалі ў лес, не узяўшы з сабою амаль нічога. Вёску падпалілі, каб фашыстам не дасталася нажытае людзьмі багацце. Голадна было ў лесе. І тады дзядуля са сваім малодшым братам вырашыў прабрацца на папялішча роднай хаты, каб здабыць хоць якой ежы. Два хлопчыкі трапілі на свой пагарэлы падворак, і не было мяжы іх шчасцю, калі яны знайшлі абгарэлую кваску, а ў ёй падвэнджанае дымам пажара сала. Вельмі небяспечным быў гэты, на першы погляд, просты, дзіцячы ўчынак. За кавалак сала хлопчыкі маглі паплаціцца сваім жыццём. Але ж усё скончылася добра. Фашысты не заўважылі хлопцаў. Усе сала ўдалося перацягнуць у лес. Дзякуючы дзецям, сям’я доўгі час не галадала.
