Рубрыка «Роднае слова»
Любоў Аляксееўна Шабацько, настаўніца беларускай мовы і літаратуры
“Ад прадзедаў спакон вякоў...”
Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі; ёй знікнуць пара.
Для мяне ж яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара…
П. Панчанка
У свеце не так многа краін з больш цяжкім лёсам, што мае за сваімі плячыма Беларусь. Доўгі і складаны шлях праз шматгадовую багацьбу і пакуты прайшоў наш народ, пакуль дабіўся волі і незалежнасці, атрымаў уласную дзяржаўнасць. “А мову ледзь не затапталі і асмяялі, як раней,” – пісаў П. Панчанка. Нягледзячы на ўсе выпрабаванні, якія клаліся на плечы вялікім патрыётам беларускай зямлі, мова засталася жывой, самабытнай і непаўторнай.
…Усе ведаюць, што зламаць адзін дубец вельмі лёгка, а зламаць, напрыклад, сто такіх дубцоў, разам перавязаных стужкай, – ужо справа цяжкая. Дык вось мова, на мой погляд, – гэта і ёсць тая стужка, якая аб’ядноўвае ўсіх нас, такіх розных і непадобных, а ўсе мы разам, як тыя дубцы, робімся непераможнымі. А калі мовы няма, то і народа няма. Ёсць толькі нейкія людзі, што жывуць на агульнай тэрыторыі.
На жаль, сёння не кожны можа сказаць, як М. Танк у сваім вершы “Родная мова”, што для яго мова выткана “з грымучага ззяння бурлівых крыніц, птушынага шчэбету, шуму дубровы…”
Можа, гэта не наша віна? Як мы помнім з гісторыі, у часы Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі знаходжанне пад прыгнётам давала мала магчымасцей для развіцця. Хоць на кожным этапе свайго мінулага мы мелі шмат барацьбітаў, якія ахвяравалі сваім жыццём “за мову, за слёзы, за кроў”.
Мабыць, такіх людзей мала зараз, бо чаму ж, калі мы сталі незалежнымі, сёння родная беларуская мова – гэта некалькі ўрокаў у школе, у той час як замежная мова ледзь не штодзень? Як бы сумна не гучала, але гэта праўда. І калі сёння ўсё так, то што будзе заўтра? “Я не ганю землі чужыя, хай іх сонца не абміне…”, -- пісаў Г. Бураўкін.Ф.Багушэвіч сцвярджаў:” Яно добра, а нават і трэба знацьсуседскую мову, але найперш трэба знаць сваю”. Я таксама нічога не маю супраць замежных моў, але ж мне здаецца, што наша самабытнасць, культура, гісторыя можа перадацца праз сваю мову.
Напрыканцы хачу сказаць, што ад усіх нас залежыць, ці дакрануцца нашы нашчадкі да самага асноўнага скарбу кожнай паважаючай сябе нацыі – мовы…