Рубрыка «Роднае слова»
Галоўская Аляксандра, 10 "А" клас
Каляды
Кожны год я святкую са сваімі бацькамі Каляды. Таму я і хачу паведаміць нашаму чытачу аб гэтым цудоўным свяце.
Каляды – адно з самых містычных святаў у старажытных славян. Яно меньш звязана з сельскагаспадарчым цыклам, а больш з будовай і рухам сусвету. Першы дзень калядаў – дзень, у які даўжыня светлавога дня пачынала павялічвацца пасля зімовага сонцастаяння, звычайна прыходзіўся на 23-24 снежня па сучасным стылі, лічыўся пачаткам астранамічнага новага года. У адрозненні ад сельскагаспадарчага новага года, каторы з’яўляўся пачаткам працы ў полі, на каляды "нараджалася новае сонца", час "паварочваўся на вясну". Новае сонца ўвасаблялася ў вобразе дзіцяці, выкрадзенага лютай вядзьмаркай Зімою, каторая ператварыла яго ў ваўка. Але светлыя сілы, вядома, перамагаюць, гарачыя промні маладога сонца спальваюць ваўчыную скуру, яно вызваляецца з палону цёмных сіл і пакрысе "сталее", з кожным днём набіраючы сіл да вясны.

Цікавым з’яўляецца тое, што само слова "каляды" мае паходжанне ад лацінскага calendae, "календы" - назва першага дня кожнага месяца (ад таго кораня пайшоў і "каляндар"), а так сама ад старажытнай назвы сонечнага дыску – Кола.
Да каляд абавязкова адказна рыхтаваліся. Прыбіралі хату, убіралі яе самаробнымі ўпрыгожваннямі, рабілі, калі быў патрэбны, рамонт усіх гаспадарчых будынкаў на падвор’і. Да Калядаў стараліся пашыць новае адзенне, абавязкова памыцца ў лазні. Новы год і новае сонца непрыгожа сустракаць, калі непарадак у гаспадарцы ці ў душы. Вось і зараз стараюцца людзі да новага года дарабіць пачатыя справы, разлічыцца з пазыкамі, прыбраць жыллё.
Немагчыма ўявіць сабе Каляды без містэрыі. Яна пачыналася ў першы ж дзень і скончвалася апошнім. У час зімовага сонцастаяння, як і ў астатнія такія ж даты, дзеля нашых продкаў адчыняліся дзверы паміж светам існасці і мроі, жывых і памерлых, усё было прасякнута чароўным і небяспечным духам таямніцы. Час лічыўся спрыяльным для ведзьмароў ды нячысцікаў,што насылалі на зямлю траскучыя маразы, але ж таксама і для варажбы, заклёнаў ды абярэгаў. Для беларусаў гэтае спрадвечнае свята,мабыць, і да сённяшняга дня заўжды застаецца радасным, велічным і аптымістычным.
Нельга не ўзгадаць і пра “калядаванне” – адну з самых яркіх традыцый, што дайшла да сучаснасці. Лічылася што толькі вяселле, шумлівыя гулянні могуць напалохаць злыдняў, павылазіўшых з таго свету, ды аберагчы людзей ад іх. Моладзь збіралася разам, пераапраналіся ў строі істотных татэмных жывёл (мядзведзя – увасабленне Велеса, карову, казу, каня – сымбалі дастатку, багацця, бусла – што лічыўся талісманам удачы, ладу) і хадзілі па хатах, спяваючы калядныя песні з пажаданнямі ўсяго лепшага, услаўляючы сілы святла і граючы на музычных інструментах. Чым часцей узгадваліся розныя магічныя формулы, тым больш дзейснымі яны лічыліся. Гаспадары ж, каторых яны наведалі, давалі ў падзяку за абарону ад нячысцікаў розныя прысмакі. Часцей за ўсё гэта былі арэхі, семечкі, пернікі і печыва, сухафрукты, пазней – цукеркі. Гэтая ежа лічылася ахвярай спрыяльным да чалавека бажаствам, каб заручыцца іх дапамогай. Адмовіць калядоўшчыкам у пачастунках было тое самае, што наклікаць на сябе няміласць усіх татэмных жывёл, пазбавіць сябе дабрабыту на ўвесь наступны год. З поўнымі мяшкамі пачастункаў калядоўшчыкі збіраліся ў адным месцы, у вялікай хаце ці на вуліцы, дзе разам “прыгаворвалі” дары, палілі вогнішчы, пелі ды танчылі вакол іх, каб сваёй бадзёрасцю і ўзнятым настроем дапамагчы светлым сілам атрымаць перамогу над цёмнымі. Ну і каб сагрэцца, мяркую, бо надвор’е стаяла халоднае.


Пазней, з прыходам хрысціянства, Каляды прыстасавалі пад рэлігійнае свята Раства Хрыстова і ,паколькі поўнасцю знішчыць любімыя народам вяселыя традыцыі не ўдалося, яны былі крыху зменены на царкоўны лад. Так, калядныя песні і невялікія тэатральныя пастаноўкі пачыналіся царкоўнымі гімнамі ды біблейскімі эпізодамі, нованароджанае Кола змяніў Езус. Але магічны сэнс свята, багаты стол, падарункі, паходы ў госці адзін да аднаго, маскарад, містычны дух нараджэння новага, таямніцы ды казкі так і засталіся з намі па сённяшні дзень.