Назад Литературные опыты Вперед

Рубрика «Литературные опыты»

Карповіч Марыя, 11 "А" клас

Пад гукі матчынай калыханкі

С Новым годом
Я часта ўзгадваю летнія дні, праведзеныя ў бабулі. Мы гулялі з раніцы і да позняга вечара: каталіся па сене з вышкі, гулялі ў хованкі па ўсёй вёсцы, бегалі на злом галавы, абліваліся вадой, калі было зусім горача, а потым, стомленыя, падалі на ложак і спалі глыбокім сном усю ноч, не звяртаючы ўвагі на пах волкасці і мышынае шамаценне. Раніцай у нас пачыналася новае жыццё, поўнае прыгод і весялосці. Бабуля смажыла гару бліноў з маслам, а дзядуля, пакуль мы елі, тлумачыў нам правілы новых гульняў. Гэта былі не такія гульні, да якіх мы прызвычаіліся. Яны былі больш вясёлыя і патрабавалі большай увагі. Расказваў забаўлянкі. Па сённяшні дзень памятаю:
- Коў-коў, кавалёк, падкуй сапажок.
- Я не буду каваць: мае ручкі баляць.
Мы вучыліся сябраваць, мець зносіны, дараваць, радавацца...
Прайшло ўжо шмат гадоў з таго часу. Мы забылі гульні, забылі песні, якія спявала нам бабуля. Страцілі тую радасць, якая напаўняла нашыя сэрцы, тыя ўсмешкі, якімі дзяліліся з людзьмі. Мы прыбралі эмоцыі, мы сталі больш жорсткімі.
Зараз дзіцячыя гульні абмяжоўваюцца камп’ютарам, зносіны - сацыяльнымі сеткамі, радасць - нямымі смайлікамі. Вам сапраўды гэта падабаецца?
Я памятаю калыханкі, якія мне спявала маці, калі я не магла заснуць. Яе ціхі пяшчотны голас напаўняў пакой неверагодным спакоем, а мае вочы міжволі заплюшчваліся.
Выплыў месячык рагаты, замігцелі зорачкі.
А ў дупле старой асіны моцна спяць ваверачкі.
І зязюлька задрамала наўзлесе, на суку.
І ў сне закукавала ўсім знаёмае “ку-ку”.
Некалькі ледзь чутных нотак дзіўным павевам занеслі ў маю душу невядомае зерне, якое на працягу многіх гадоў, дзякуючы бязмежнай любові маіх бацькоў, узмацнялася і прарастала.Памятаю татавы гісторыі, заўсёды загадкавыя і заўсёды павучальныя. У іх было столькі любові! Ёсць рэчы, якія мы можам спасцігнуць толькі з дапамогай бацькоў. І калі мы перастаем шанаваць гэта, праігрываем менавіта мы.
У нашай сям’і ёсць такая традыцыя, якой прытрымліваецца не адно пакаленне. Кожны год, дзе б мы ні былі, збіраемся разам у бацькоўскай хаце. Гэта адбываецца ў дзень Вялікадня. Усе прывозяць фарбаваныя яйкі, духмяныя булкі, дараць адзін аднаму падарункі. Мы ідзем у касцёл на службу (бо не варта забываць, каму прысвечана гэтае свята).
Гэтым днём Іісус Хрыстос з мёртвых уваскрос.
Ён цяпер глядзіць на нас з вышыні нябёс.
Я вельмі люблю гэты дзень, і чакаю яго з нецярпеннем. Гэта цудоўна, што ёсць такі час у годзе, калі мы бачым дарагіх для нас людзей, маем зносіны з імі, даведваемся, што ў іх адбылося новага. Калі мы нікуды не спяшаемся, не спрабуем схаваць ўсмешкі.
У нашым няправільным разуменні таго, як усё ўладкавана, мы гонімся за новым, забываючы самае важнае, што далі нам бацькі. Мы, моладзь, павінны абараняць тое, што правільна і добра. Мы павінны ўцягнуць чалавека ў дыскусію: ці сапраўды тое, па што мы бяжым, з'яўляецца неацэнным. Мне здаецца - не.
Мы павінны падняцца і, магчыма, не змяняць цэлы свет, але хаця б паспрабаваць змяніцца самім, змяніць сваё сэрца. І так, настала наша гадзіна. Якімі людзьмі вы хочаце быць?
 
 

Продолжение