Рубрика «Мир прекрасен»
Адкуль паходзіць старажытны Мінск?
Гісторыя ўзнікнення Мінска – буйнога прамысловага і культурнага цэнтра, сталіцы суверэннай Рэспублікі Беларусь ўзыходзіць далёка за першыя летапісныя згадванні і звязана з існаваннем двух археалагічных помнікаў: Мінскага замчышча, што знаходзілася у межах сучаснага горада, і археалагічнага комплексу на высахлай р. Менка (вёска Гарадзішча, Строчыцкі сельсавет).
Спрэчкі аб месцы і часе ўзнікнення Мінска вядуцца ўжо больш як за 80 гадоў і сёння набываюць новае гучанне. Згодна з версіяй, якую прапанаваў А.М. Ясінскі, горад узнік у месцы каля вёсак гарадзішча і Строчыцы за 16 км ад Мінска. Дадзеная думка была папулярная сярод гісторыкаў у даваенныя часы і сёння знаходзіць сваіх прыхільнікаў. Што служыць на карысць дадзенай версіі? Падчас археалагічных даследаванняў археалагічнага комплексу на Менцы, які складаецца з Малога гарадзішча (0,12 га), Вялікага гарадзішча (1 га) і селішчаў (больш за 30 га) навукоўцамі былі атрыманы цікавыя археалагічныя матэрыялы і зроблены важныя высновы аб тым дзе знаходзіўся першапачатковы Мінск. Так, гісторыкі звярнулі ўвагу на тое, што Менкаўскае пасяленне па сваіх прыкметах уяўляла сабой сапраўдны горад. Гэта ў першую чаргу характар знаходак (керамічны посуд, пацеркі, і інш.) і памеры старажытнага пасялення, якое складалася з дзядзінца, вакольнага горада і прылеглых селішчаў. На карысць дадзенай думкі можа сведчыць і паходжанне назвы Мінска ад р. Менка. Большасць археалагічных матэрыялаў, якія былі знойдзены археолагамі адносіліся да X–XI стст., а будаўніцтва першых умацаванняў тут пачалося ў канцы X – пачатку XI ст. Такім чынам было высветлена, што ў Мінска існаваў свой папярэднік, які затым быў перанесены ў тое месца, дзе зараз знаходзіцца сучасны Мінск і дзе было ўзведзена Мінскае замчышча.
Існуе ў гістарычнай навуцы і другая версія, згодна з якой, першапачатковая гісторыя Мінска была звязана з узвядзеннем Мінскага замчышча на правым беразе р. Свіслач, пры ўпадзенні ў яе р. Няміга, для абароны паўднёвых межаў Полацкага княства (сучасны Мінск). Час узвядзення замчышча некаторымі гісторыкамі вызначаўся па-рознаму. Выклікаюць цікавасць апошнія археалагічныя даследаванні, якія дазволілі ўнесці пэўныя ўдакладненні. Высветлілася, што актыўнае заснаванне замчышча адбывалася ў апошніх дзесяцігоддзях XI – пачатку XII ст. Таму пытанне аб тым, дзе знаходзіўся Мінск ў 1067 г. застаецца адкрытым і захоўвае па-ранейшаму сваю значнасць. Магчыма далучыцца да думкі гісторыкаў, якія сцвярджаюць, што Мінск узнік на Менцы. У навуцы ўжо дастаткова доказаў. А вось пытанне аб знаходжанні Мінска ў 1067 г. застаецца не да канца вырашаным.
Мінскае замчышча (фота 1950-х гг.)