НазадСодержание

Рубрика «Гранит науки»

Гаўрылік Аляксандра, 11 «А» класс
Сямёнаў Антон , 11 «А» класс

Крыж і кайданы Сяргея Новіка-Пеюна

Імя Сяргея Новіка-Пеюна наўрад ці вы пачуеце нават на ўроках роднай літаратуры. І не таму, што ён пакінуў нязначны след у гісторыі беларускай літаратуры; якраз наадварот. Проста Сяргей Міхайлавіч належыць да таго пакалення рэабілітаваных паэтаў, на долю якога выпала зведаць усе складаныя перэпетыі няпростага 20-га стагоддзя. І не толькі зведаць, а з годнасцю вытрываць і пры гэтым застацца Чалавекам. “Ад кожнага залежыць усё!” – гэтыя словы В. Быкава калісьці вельмі моцна запалі ў душу. Сапраўды, з атамаў складаецца нават граніт. Лёс нашага земляка Сяргея Новіка-Пеюна – найлепшае таму пацверджанне.
Сяргей Новік нарадзіўся ў вёсцы Лявонавічы ў 1906 годзе 27 жніўня. Сям’я яго была вельмі таленавітая. Маці, бацька і сёстры – усе выдатна спявалі, аднавяскоўцы звалі іх “пяюнкамі”. Сяргей быў здольны да навукі. У Нясвіжскай рускай гімназіі скакаў праз клас, здаючы экстэрнам экзамены. У час вучобы на беларускіх настаўніцкіх курсах у Вільні браў дадаткова ўрокі жывапісу ў мастака Мікалая Літвіненкі, майстэрству ігры на скрыпцы яго вучыў вядомы скрыпач Тадэвуш Тадроўскі, музычную адукацыю атрымаў у прафесара Віленскай кансерваторыі Кацярыны Плішка-Банасевіч.
Вершы Сяргей Новік пачаў пісаць у 1921 годзе. Захапленне паэзіяй прыйшло ў час занаткаў у Нясвіжскай гімназіі. Ён пачаў друкавацца ў заходне-беларускім дзіцячым часопісе “Заранка”. Як пра таленавітага аўтара, успамінала пра Сяргея Новіка былы рэдактар часопіса Зоська Верас. У “Заранку” Сяргей Міхайлавіч дасылаў вершы, апавяданні, п`есы, падпісаныя псеўданімам Малады Дзядок. У 1927 годзе ў Вільні асобнымі выданнямі выходзілі п`есы “Цудоўная ноч”, “Ёлка Дзеда Мароза”, ”Пакой ў наймы”, ”Прадка над крыжам”(1939), зборнік “Сцэнічныя творы”. Ён аўтар зборніка паэзіі “Заўсёды з песняй”(1984), кніжкі вершаў для дзяцей “Зорачкі ясныя”(1986).
Вандроўнікам не па сваёй волі, трагічным выгнаннікам, жыццё якога праходзіць у разлуках і сустрэчах з Радзімай, выступае лірычны герой паэзіі Новіка-Пеюна. Драматычныя павароты біяграфіі пісьменніка надаюць яго паэзіі асаблівы, зменлівы каларыт. Мы бачым дзівосны няўстойлівы светацень, здаецца, нібыта з`явы жыцця асветлены тут прывідлівым святлом начное паходні. Чым далей ад радзімы кідае героя злы лёс, тым мацней і драматычней дзейнічае сіла прыцягнення.)
У 1926 годзе Сяргей Новік вярнуўся з Вільні ў Лявонавічы, стварыў хор. Знайшлося шмат жадаючых спяваць і ў навакольных вёсках Лазавічах, Габрунах, Смалічах. Потым быў створаны драматычны гурток, з`явілася бібліятэка. Спачатку збіраліся ў бацькоўскай хаце, потым у так званым “Магазіне” - памяшканні, дзе ссыпалі збожжа. Цеснавата было, таму і вырашылі пабудаваць Народны Дом. Каб сабраць грошы на будаўніцтва, пайшоў Сяргей Міхайлавіч па вёсках.Людзі хоць і бедна жылі, ды на добрую справу ахвотна ахвяравалі грошы. Гэтаксама дружна ўзяліся за працу. За нейкія два тыдні невялічкі будынак узвялі. Улады забаранілі называць яго Народным домам, таму шыльда яму была “Святліца стражацка”. Начальнікам пажарнай аховы ў той час быў Чарняўскі Іван Адамавіч. Такім чынам у Лявонавічах узнік асяродак беларускай нацыянальнай культуры. Сіламі мясцовай моладзі паставілі купалаўскую ”Паўлінку". Сяргей Новік добра разумеў, што толькі тады можна дасягнуць жаданага поспеху, калі нягледзячы на паланізацыю, дзеці змогуць навучыцца па-беларуску. Новік распаўсюджваў адозвы Таварыства беларускай школы да народа, заклінаючы шанаваць і любіць роднае слова: “Беларусы! Наш ратунак - гэта наша родная беларуская школа. Гэта наш фундамент, на якім мы павінены будаваць новае, лепшае жыццё”. Сам ён неафіцыйна стварыў у Лявонавічах пачатковую беларускую школу. За пракамуністычную дзейнасць і стварэнне тайнай школы 1 снежня 1926 года Сяргея Новіка выклікалі ў пастарунак у Салтанаўшчыну і выслалі ў польскі горад Свеце над Віслай. Там у Памор`і ён пражыу пяць год, працаваў настаўнікам і вельмі сумаваў па радзіме. Кожны месяц, як палітычна ненадзейны, Сяргей Новік павінен быў адзначацца ў пастарунку паліцыі. У выгнанні Сяргей Новік напісаў словы і музыку сваіх “Зорачак”, песні, якая стала вельмі папулярнай у Заходняй Беларусі. “Зорачка” – была яго першай песняй, ён стварыў яе 28 сакавіка 1929 года. Гісторыя стварэння была цікавай. Сяргей у Польшчы сябраваў са скрыпачом Феліксам Балінскім і ўкраінскай піяністкай Галяй Перыдкіўнай. Вось аднойчы яны гулялі ўтраіх вечарам па вуліцы. Сяргей заўважыў, што сябры яго пакахаліся, таму не надта ім назаляў. Вярнуўся ў самоце дадому, хацеў напісаць ліст у Лявонавічы, а адбылася песня “Зорачкі”, добра вядомая нам у выкананні Данчыка (Богдана Андрусышына) - нашага суайчынніка з Амерыкі. Гэта песня перакладзена на рускую, украінскую, польскую мовы. У час вайны гэта песня была папулярнай сярод вязняў фашысцкіх лагераў. Паколькі імя Новіка-Пеюна доўга было забаронена, Рыгор Шырма пазней выдаў “Зорачкі” як народную песню. Сучасныя эмігранты-беларусы ў ЗША спяваюць гэтую песню, як малітву.
31 ліпеня 1931 года Сяргей Міхайлавіч вяртаецца на радзіму. Зноў працуе з хорам і драматычным гуртком. Потым пераязджае ў Слонім. У верасні 1939 года трапляе пад налёт нямецкай авіацыі, уцякае ў лес. Яго падабралі чырвонаармейцы і прывезлі ў Слонім. Пасля ўз`яднання Заходняй Беларусі з БССР, у 1940 годзе Новік-Пяюн працуе інспектарам павятовага аддзела народнай асветы па культасветных установах. Арганізацыя бібліятэк, хатаў-чытальняў, чырвоных куткоў – тагачасная яго работа. А пасля разам з вучоным-археолагам Стаброзскім арганізоўвае гісторыка-краязнаўчы музей і гарадскую бібліятэку. У маі 1941 года Новік-Пяюн быў прызваны ў армію, служыў у Гродна. У пачатку вайны ён вярнуўся ў Слонім, працаваў дырэктарам музея. Сяргей Міхайлавіч рабіў усё магчымае, каб захаваць унікальныя экспанаты музея, найбольш каштоўныя кнігі з бібліятэкі. Многае ўдалося схаваць. А ў падвале музея зрабілі тайны ход, адкуль можна было збегчы ў лес. Там жа захавалася пішучая машынка, папера, медыкаменты, якія пры патрэбе выкарыстоўвалі партызаны. Новік-Пяюн дапамагаў народным мсціўцам распаўсюджваць лістоўкі. Так музей стаў канспіратыўнай кватэрай падпольшчыкаў.
Але па даносу здрадніка 26 лістапада 1943 года С.Новік-Пяюн быў схоплены Слонімскім гестапа і апынуўся ў Баранавіцкай фашысцкай турме. Яму прыйшлося прайсці праз страшэнныя катаванні, калі здавалася, ламаюць не толькі рукі, а і саму душу скручваюць вяроўкамі, дабіваючыся прызнанняў. На трэці дзень пасля арышту быў вынесены смяротны пасуд. Даведаўшыся, што яго і яшчэ шэсць вязнаў вядуць у Петралевічы на расстрэл, Сяргей зразумеў, што ратунку быць не можа. Менавіта на гэтай гары расстрэльвалі арыштаваных. Яго расстрэльвалі не раз і не два... Ажно сем разоў вадзілі туды, стралялі спецыяльна міма, а потым зноў у турму на дапрос. Псіхалагічная атака спрацавала... Доўга не маглі ачомацца вязні. Не верылі, што пасля гэтай жудаснай ночы засталіся жывымі. Седзячы ў турме, Сяргей Міхайлавіч захварэў. У студзені 1944 года ён у бяспамяцтве трапіў у турэмную бальніцу. Урач паставіў дыягназ: сыпны тыф. Сярод медыцынскага персаналу знайшліся сумленныя людзі. Не толькі на ногі Сяргея паставілі, але і пратрымалі ў бальніцы ажно паўгады. Вяртанне ў камеру было нялёгкім, а калі даведаўся, што накіроўваюць яго ў лагер смерці Калдычава, зусім было паў духам. Зноў катаванні, голад, знясільваючая праца на торфараспрацоўках. Людзі гінулі як мухі. Там, у Калдычаве, загінула і жонка Сяргея Міхайлавіча. Але менавіта у канцлагеры, дзе ўсё было пастаўлена, каб ператварыць чалавека ў звера, які хоча выжыць любой цаной, як ні дзіўна, жыла паэзія. У Калдычаве нарадзіліся творы, якія не маюць У беларускай паэзіі прэцэдэнту. Праз 50 гадоў гэтыя вершы выйдуць з друку асобным зборнікам пад назвай «Песні з-за кратаў». Безумоўна, у гэтым даволі ладным спісе найбольш значны верш «Ноч у вязніцы», напісаны з тым болем, які цяжка выказать. Паэту ўдалося зазірнуць у самую душу зняволенага, спасцігнуць усю сутнасць яго пакут. Канвеер знішчэння ў лагеры працаваў несупынна: расстрэльвалі ,вешалі, закопвалі жывымі ў зямлю, прыбівалі калек на торфараспрацоўках.
1 ліпеня 1944 года пастроілі вязняў у калону, пагналі ў бок Слоніма. Па дарозе ішлі не людзі, а здані валакліся. Сяргей Міхайлавіч быў гэтак знясілены, што ўжо ў думках развітаўся з жыццём. Ля могілак скамандавалі спыніцца. Потым накіравалі калону ў бок Зельвы, дорога ішла праз лес. І тут як гром сярод яснага неба: партызаны! Застракаталі кулямёты і аўтаматы. Вязні, быццам гарох, сыпанулі ў розныя бакі, шукалі прытулак у кустах. Знясілены Сяргей Міхайлавіч паклыпаў у Слонім, дзе жыла маці, засталіся сябры. А яшчэ яму карцела даведацца, ці захаваліся тыя 16 тысяч тамоў гарадской бібліятэкі, якія выратаваў ён у пачатку акупацыі. Экспанаты і кнігі вярнуў на месца, уладкоўваючыся на працу . Вызваленне Беларусі дало новыя сілы. Новік-Пяюн заняўся краязнаўствам, маляваў, пісаў вершы. Яму хацелася верыць, што ўсе бядоты мінулі, нарэшце можна займацца любімай справай.
Ды бяда зноў хіжым зверам наляцела на паэта, каб зламаць, зняверыць. Той жа самы злыдзень, што напісаў ранейшы данос немцам, зараз ужо паслаў паклёп у НКВД. Органы не марудзілі. Ваенны трыбунал і прысуд: 10 гадоў зняволення і 5 гадоў высылкі. 20 мая 1945 года , калі ўся краіна святкавала перамогу над фашысцкай Германіяй, С. Новіка-Пеюна разам з іншымі «ворагамі народа» пагрузілі ў поезд і адправілі ў запалярную Якуцію на руднікі.
«За што?» – гэтая думка не давала спакою ні днём, ні ноччу. «За што, людзі?» – хацелася крычаць. – Спачатку судзілі белапалякі, потым фашысты, цяпер – свае... Свае? Але ж поруч сотні гэткіх самых, як і ён, абылганых, душэўна скалечаных. Нават тыя, хто ў гады Вялікай Айчыннай вайны мужна змагаўся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі - ворагі?» У гэта не хацелася верыць. Аддушынай стала складанне вершаў. Не напісанне, а менавіта складанне. Не маючы часта ні алоўка, ні паперы, даводзілася Сяргею Міхайлавічу затойваць у памяці паэтычныя радкі і толькі пазней пераносіць іх на паперу. У гэты час былі напісаны вершы “Калі душу мне сум агорне”, “Жыццё прамінае”, “Беларуская мова мая”. Нарэшце 10 гадоў зняволення скончыліся. Засталося яму яшчэ адбыць 5 гадоў на вольным пасяленні ў пасёлку Усць-Нера. Працаваў рэгістратарам у паліклініцы, арганізаваў гурток эсперанта ў сярэдняй школе.
Сябры ў Беларусі рабілі ўсё магчымае, каб вызваліць Новіка-Пеюна, але доўгі час іх намаганні былі марнымі. Нарэшце 10 сакавіка 1956 года яго амнісціравалі, як грамадзяніна, які супрацоўнічаў з акупантамі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Потым прыйшоў другі дакумент ад ваеннага трыбунала Беларускай ваеннай акругі. У ім гаварылася, што справа спынена за недаказанасцю абвінавачвання.
Сяргей Новік-Пяюн вярнуўся з пекла, адкуль многія вязні ўжо не вярталіся. Прыехаў у Слонім, убачыў магілу мацеры, якая памерла ў 1946 годзе. З успамінаў паэта: “Хадзіў я, як зацкаваны звер, увесь час азіраўся і дзівізся, што няма за мною канваіра”. Доўга не было ў яго ўласнага жытла –бадзяўся па інтэрнатах, начаваў у сяброў, здымаў вугал. Чыноўнікі баяліся браць яго на працу. У адчаі напісаў пісьмо самому Сяргею Восіпавічу Прытыцкаму. Адказ прыйшоў праз месяц, а ў ім паведамленне, што выдзяляюць аднапакаёвую кватэру ў Мінску. З радасцю знайшоў ён яшчэ не адбудаваны дом і ўпрасіў будаўнікоў пусціць яго ў той пакойчык. Пасцяліў на падлозе газету і заснуў шчаслівым сном праведніка ўпершыню за многія гады. У новую кватэру ён прынёс вышываную сястрой Літоўскую Пагоню, скрыпку, некалькі жывапісных і графічных твораў, альбомы з фотакарткамі, рукапісы. Рэабілітаванаму паэту нават выдалі даведку, што яму дазваляецца займацца педагагічнай працай. Сяргей Міхайлавіч стварыў у сваёй кватэры клуб для дзяцей “Не разліць вадой”, дзе ён вучыў іх маляваць, расказваў розныя гісторыі і чытаў свае вершы. Гэтыя ж дзеці, калі сталі дарослымі, першымі працягнулі руку дапамогі, калі Сяргей Міхайлавіч стаў бездапаможны. Студэнты ўніверсітэта за год да смерці паэта зрабілі рамонт у яго кватэры.
26 жніўня 1994 года ў 6 гадзін раніцы перастала біцца сэрца нашага земляка. Равеснік ХХ стагоддзя Сяргей Новік-Пяюн, трапіўшы ў махавік гісторыі, змог застацца беларусам і па духу, і па перакананнях. Неабходна ацаніць веліч подзвігу Новіка-Пеюна. Памяць аб ім натхняе нас дзейнічаць так, каб беларусы не згубіліся сярод другіх ародаў, адрадзілі сваю мову і не страцілі незалежнасці. Сумна, што лёс быў абыякавым да Сяргея Міхайлавіча, калі ён дажываў апошнія дні ў адзіноце і беднасці. Адно добра, што пахавалі яго па хрысціянскім абрадзе на радзіме – у вёсцы Лявонавічы.
Лёс гэтага чалавека выдаўся складаным і выпрабавальным. Сяргея Новіка-Пеюна праследавалі і польскія, і нямецкія, і савецкія ўлады. Здаецца, усё гэта сведчыць аб тым, што Новік-Пяюн не толькі ахвяра нялітасцівага лёсу, драпежнікаў-людзей, найвялікшы пакутнік, а менавіта абраннік гатага ж лёсу, бо такія выпрабаванні наўрад ці выпалі б на долю слабага. Лёс Сяргея Новіка-Пеюна як лёс Беларусі. Адзінота, самота, калючы дрот, попел спаленага рукапісу...