Содержание

Жданеня Надежда Викторовна

Фоторепортаж «У Жлобіне вясна…»

 

У Жлобіне вясна-

ў квецені сады…

У думках я да роднага вяртаюсь,

І сэрца рвецца да Дняпра, туды,

Дзе я душою расцвітаю

 

 

Для мяне Беларусь пачынаецца з горада Жлобіна, дзе нарадзіліся і жылі мае прадзеды, а зараз жыве бабуля. Цікавыя легенды і паданні ведае яна пра гэтыя мясціны. Даўным-даўно гэта было: хаваліся, кажуць, тут беглыя катаржнікі ды нападалі на праплываючыя лодкі. Вось адсюль і назва Злобін пайшла. А яшчэ была назва Хлепень, бо вельмі мокрыя мясціны тут , увесь час вада хлюпала пад нагамі.…

>Шуміць Днепр. Старыя ліпы на яго беразе вартуюць цішыню і спакой, але ненадоўга: то моцны вецер падыме хвалі, то раздасца гудок цягніка альбо шумнай вясёлай кампаніяй збярэцца моладзь : вясельная традыцыя –пагуляць на беразе ракі.

Некалі па гэтых берагах жылі дрыгавічы ды радзімічы. А ўпершыню Жлобін ўзгадваецца ў 1462 годзе. У XIX стагоддзі горад з’явіўся на перакрыжаванні не толькі гандлёвых, але і водных шляхоў. Чаго толькі не сплаўлялі па рацэ! Не дзіва, што на беразе на так званай Базарнай плошчы ішоў бойкі гандль.  

І па сеняшні дзень захавалася традыцыя рабіць посуд, ткаць ручнікі, посцілкі, абрусы.На святы можна ўбачыць, як народныя майстры прадаюць свае вырабы, а то і ствараюць на вачах прысутных цудоўныя рэчы.

Побач з Базарнай плошчай знаходзілася царква. А вуліца, якая пачыналася з плошчы, называлі Царкоўнай. Дарэчы была яшчэ адна назва – Екацярынінскі тракт. Кожнае лета на крымскія курорты па ёй праязжала сама імператрыца Кацярына II. Зараз няма той царквы (разбурана ў гады Вялікай Айчыннай вайны), а ў 1995 годзе пабудавана Свята- Троіцкая царква.

У старадаўнія часы Жлобін меў умацаваны княжацкі замак с земляным валам і драўлянымі сценамі. Але тыя часы даўно мінулі, не засталося, на жаль, ні замка, ні нават рэшткаў былога ўмацавання. І толькі як напамін пра даўніну плыве “Ладдзя” – сімвал горада Жлобіна. Аўтарам скульптурнай кампазіцыі стаў Віктар Смаляр, а зрабілі ладдзю з кованай медзі ў Мінску.

Горад выглядае сучасным, а яго жыхары пасля працы могуць адпачыць, наведаўшы цудоўны “Палац металургаў”, які пабудаваны ў 1980 годзе. Палац стаіць на ўзвышшы і з’яўляецца адным з самых цікавых архітэктурных збудаванняў Жлобіна.

Захоўваць здароў’е, умацоўваць яго фізічнымі заняткамі лічыцца добрай традыцыяй у жлабінчан. І дарослыя, і дзеці, дзякуючы клопатам прэзідэнта краіны, могуць рэгулярна наведваць спартыўны комплекс. Пабудаваны з размахам, густам, ён аб’ядноўвае тры будынкі: лядовы палац, басейн і аквапарк. Гэта унікальнае спалучэнне трох аб’ектаў плануецца дапоўніць узвядзеннем лыжа-ролернай трасы, а таксама яшчэ адной лядовай пляцоўкі.

Горад свеціцца чысцінёй, нейкай незвычайнай празрыстасцю. Здаецца, і дрэвы тут найпрыгажэйшыя, і вулачкі, і альтанкі… Іду па бульвару Металургаў і сустракаю розных людзей. Яны ў добрым настроі, некаторыя са мной вітаюцца. Сакрэт просты: жыхары любяць свой горад і робяць усё для яго росквіту.

Хмаркі ненадоўга збіраюцца над штучнымі азёрамі, якія таксама сталі славутасцю Жлобіна. Хутка ударыць першы веснавы гром, пойдзе дождж і напоіць вадой зямлю.

Мне трэба развітвацца з горадам. Ад дажджу я хаваюся ў альтанку, зробленую мясцовымі майстрамі. З яе бачу стальную птушку на пастаменце і літары: БМЗ. Жлобін вядомы як горад беларускай металургіі.

Жлобін адкрыты будучыні. Стальная птушка сімвалізуе нястрыманасць жыцця, прагу новага і ўзнёслага. Гэты горад натхняе і робіць мяне шчаслівейшай на свеце.