Назад Содержание

Рубрика «С праздником Победы!»

 

Ксения Ефимова, учащаяся 9 “Б” класса

Старонкі памяці: ганаруся сваёй сям’ёй і продкамі, грудзямі абараняўшымі Бацькаўшчыну ў час ваеннага ліхалецця

 

Вайна… Якое жудаснае слова… Колькі гора, болю і страт прынесла яна ў кожную сям’ю, колькі слёз і жаху сцярпелі людзі. Вайна не шкадавала нікога. Ваявалі дарослыя і дзеці, жанчыны і мужчыны, юнакі і дзяўчаты. Колькі б гадоў ні прайшло, колькі б пакаленняў ні змянілася, але крывавы след застанецца ў сэрцах людзей.
На шчасце, пра вайну я ведаю толькі праз кнігі, фільмы і сціплыя аповеды блізкіх, але калі я чую слова “вайна”, перада мною заўсёды ўзнікае карціна з дыму, агню, бамбёжак і жаху на тварах людзей. Чалавечыя целы, раскіданыя на палях крывавага колеру, маленькія заплаканыя дзеці, якія хаваюцца за спіной маці і не разумеюць, што іх чакае далей, перапоўненыя шпіталі з раненымі… Такое страшна нават ўявіць...
Але і ў той страшны час людзі жылі, жылі і на акупаванай тэрыторыі. Холад і голад, хваробы і частыя смерці родных рабілі нашых продкаў яшчэ мацнейшымі.
Не абышла вайна і сем’і маіх прабабуль і прадзядуль. Усе чатыры прадзеды прынялі ўдзел у барацьбе з фашыстамі. На жаль, ні адзін з іх не дажыў да нараджэння праўнукаў, не змог расказаць нам, як цяжка яму прыходзілася ў ваенны час. Ня шмат расказвалі дзяды і ўнукам. Мая матуля вельмі любіла слухаць пра жыццё ў весцы ў гады вайны. Яе дзядуля, Наумовіч Іван Фёдаравіч, расказваў, як яго з братам адправілі на фронт, як страшна было страляць хоць і нямецкіх, але ўсё ж людзей, як разрывалася сэрца, калі варожая куля трапляла ў сябра, а дапамагчы не было магчымасці. Прадзед прайшоў усю вайну, быў стралком, удзельнічаў у вызваленні Беларусі, Польшы, Чэхаславакіі, Румыніі, Венгрыі, Прусіі. Некалькі разоў быў ранены, апошні раз вельмі моцна. Куля прайшла наскрозь брушную поласць. Але дзядуля выжыў, выжыў на злосць ворагу, пасля доўгага лячэння ў шпіталі вярнуўся дамоў, дзе яго чакалі жонка з маленькай дачкой. А вось яго брату не пашанцавала. Ён загінуў. Загінула і шмат сяброў. Калі дзядуля пра гэта гаварыў, ён адварочваўся ў другі бок і некаторы час маўчаў… Толькі потым унукі зразумелі, што ён хаваў свае слёзы, якія не мог стрымаць, успамінаючы тыя ліхія дні. Прадзядуля Іван быў узнагароджаны Ордэнам Айчыннай вайны, медалём “За перамогу над Германіяй” і юбілейнымі медалямі. Пасля вайны ён быў перадавым працаўніком сельскай гаспадаркі. Яму былі прысвоены званні і ветэрана вайны, і ветэрана працы. Па сенняшні дзень на пустуючай хаце, дзе жыў прадзед Іван, вісіць шыльда “Тут жыў ветэран Вялікай Айчыннай вайны”.
Другі мамін дзядуля, Ленкавец Аляксей Аляксеевіч, пасля траўмы, атрыманай ў дзяцінстве, быў камісаваны, таму ў час вайны застаўся ў весцы, дапамагаў старым і жанчынам з дзецьмі, а таксама тайна, рызыкуючы сваім жыццём, дапамагаў партызанам.
Прадзядуля Яфімаў Васіль Кірылавіч да Вялікай Айчыннай вайны жыў і вучыўся ў Маскве ў Інстытуце Чырвонай прафесуры, меў вялікія планы на будучыню. Раптам вайна… Дзядулю накіравалі ў Наркам узбраення, а праз некаторы час у Штаб партызанскага руху ў Беларусі. Ён займаўся ўзбраеннем партызан. Так як праца была вельмі адказная і сакрэтная, прадзед нікому нічога не расказваў нават пасля вайны, але, наколькі памятае яго сын, мой дзядуля, страшныя ўспаміны мучылі яго доўгія гады. Напэўна, ніхто не можа забыць жахі ваеннай пары. Прадзед Васіль быў узнагароджаны медалямі “Партызану Айчыннай вайны”, “ За перамогу над Германіяй” і юбілейнымі медалямі. Пасля вайны прадзядулю накіравалі працаваць у Беларусь, дзе ён і жыў з сям’ёй у пасляваенны час.
А чацверты прадзед, Грушэўскі Міхаіл Іванавіч, убачыў вачыма падлетка амаль што самы пачатак вайны. Праз іх веску немцы рашуча рухаліся ў Мінск. Мясцовыя дзеці яшчэ не зусім разумелі, што пачалася страшная і жорсткая пара ў іх жыцці. Два дні бамбежкі, ад якой гарэла зямля, а на трэці дзень жыхары вескі ўпершыню ўбачылі матацыклы, на жаль, фашысцкія. Вёска была акупаваная немцамі. Старэйшыя браты Міхаіла як раз служылі ў арміі, таму адразу апынуліся на вайне, а ён застаўся дапамагаць маці. Так як прадзед быў ужо адзіны мужчына ў сям’і, яму даводзілася вельмі цяжка. Жыць прыходзілася ў прыбудоўцы, бо хату занялі немцы, патрэбна было вельмі многа працаваць, выконваць каменданцкі час, баяцца пастаянных аблаў гестапаўцаў. Але падлеткі і некаторыя дзеці не баяліся немцаў, яны былі сапраўднымі разведчыкамі, здабытчыкамі карыснай інфармацыі для партызан. Так прайшло амаль тры гады. Калі прадзеду споўнілася васямнаццаць гадоў, ён таксама быў прызваны ў рады Чырвонай арміі. Ён з лепшым сябрам стаў кулямётчыкам. Вызваліўшы ад фашыстаў Беларусь, Чырвоная армія рушыла далей. У баі пад Кёнігсбергам маладога кулямётчыка напаткала куля варожага снайпера, якая трапіла яму ў шыю. Прадзед Міхаіл доўга лячыўся ў шпіталі, дзе і сустрэў Дзень Перамогі. Яму
пашанцавала, ён вярнуўся дамоў, а вось браты не вярнуліся: адзін загінуў, другі прапаў без вестак. Быў узнагароджаны Ордэнам Айчыннай вайны, медалём “За адвагу” і юбілейнымі медалямі.
З кожным днём у краіне ветэранаў вайны становіцца ўсе меней. Я лічу, што пакуль ёсць жывыя сведкі тых падзей, пакуль жывыя іх дзеці, якія памятаюць расказы бацькоў, мы, сучасныя дзеці, павінны як мага болей сабраць успамінаў, каб перадаць іх нашым дзецям і ўнукам. І хоць мае прадзеды не былі ўдастоены звання героя Вялікай Айчыннай вайны, для мяне яны заўжды будуць героямі. Я ганаруся імі, ганаруся іх смеласцю і самаадданасцю. На жаль, я не магу выказаць ім словы ўдзячнасці, што нарадзілася і жыву ў прыгожай і мірнай краіне, не магу сказаць, што буду імі ганарыцца ўсе жыццё.
Я схіляю галаву перад усімі людзьмі, якія змагаліся з фашыстамі, якія сваімі подзвігамі і ўчынкамі, сваёй працай і смеласцю забяспечылі нам мірнае неба. Вельмі хочацца, каб дыпламаты і лідэры краін навучыліся вырашаць палітычныя праблемы і пытанні мірным шляхам, каб ні мы, ні нашы нашчадкі не ведалі жаху вайны.
Мір! Якое прыгожае і цёплае слова! Мір- гэта жыццё, праца, вучоба, усмешкі, радасць! Мір- гэта шчасце! І гэтаму шчасцю мы абавязаны нашым ветэранам!